Выбери любимый жанр

Выбрать книгу по жанру

Фантастика и фэнтези

Детективы и триллеры

Проза

Любовные романы

Приключения

Детские

Поэзия и драматургия

Старинная литература

Научно-образовательная

Компьютеры и интернет

Справочная литература

Документальная литература

Религия и духовность

Юмор

Дом и семья

Деловая литература

Жанр не определен

Техника

Прочее

Драматургия

Фольклор

Военное дело

Последние комментарии
оксана2018-11-27
Вообще, я больше люблю новинки литератур
К книге
Professor2018-11-27
Очень понравилась книга. Рекомендую!
К книге
Vera.Li2016-02-21
Миленько и простенько, без всяких интриг
К книге
ст.ст.2018-05-15
 И что это было?
К книге
Наталья222018-11-27
Сюжет захватывающий. Все-таки читать кни
К книге

Хрыстос прызямліўся ў Гародні - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч - Страница 36


36
Изменить размер шрифта:

— Т-так… ён дзе?

— Варта даносіць: па забрале ходзіць, з другога боку вежы.

— Сіла?

— Д-ды… с-сіла. Гэта трохі больш, чым тое, на што спадзяваліся.

— І што? — Лотр не жадаў пачынаць размовы першы.

— Ды што… Адно з двух. Або ён круцель, прагны на грошы і славу, а ўлады — па дурасці, а можа, па ляноце — не жадзён. У гэтым выпадку ён нам — як паветра. З ім нам і курыя — глупства.

— А што, гэта, па-мойму, някепска. — Лотр зрабіў нібы крок насустрач мніху-каплану, каб верыў, каб выказваўся далей. — Што б ты сказаў, каб я — папа, а ты — шэры папа?

— Усё ў руцэ Божай.

— Ну, а яшчэ якое «або»?

— Або ён сумленны баязлівец-дурань і ні грошай, ні славы не хоча і не будзе нам памагаць (а такі ён нам не патрэбен).

— І яшчэ ёсць адно «або», — з раптоўнай суровасцю сказаў нунцый. — А што, калі ён і круцель, і срэбралюбец, ды яшчэ і аматар улады… І што, калі ён сілу сваю адчуе дый зразумее, што ён сам усё можа?

— Мяркую, кепска будзе. Нашто мы, нашто царква пры жывым Богу?

— Што ж тады?

— Прыбраць, — аднымі вуснамі сказаў мніх і дадаў, толькі трохі галасней: — Але я думаю, што не з тых. Чалавек, былы раб. Адкуль яму ведаць пра ўладу і жадаць яе… Ідзі, спытай яго. Усё ў руцэ Божай.

— То ж бо. У ч ы ё й руцэ?

Басяцкі ўсміхнуўся кардыналу ў спіну. Бач, устрывожыўся, лупянуў, як ты яго, скажы, за пяты хапаюць. Дарэмна бяжыш. Чалавек — гэта або золата, або слава, а празе да ўлады гэтаму так званаму «Хрысту» яшчэ недзе было вывучыцца.

Лотр знайшоў Юрася там, дзе чакаў знайсці. Братчык хадзіў па забрале, моршчыўся ад крыкаў і мяў адну руку ў другой. І гэты звычайны, вельмі чалавечы жэст супакоіў кардынала.

— Ну што? — спытаў ён. — Тут лепей, чым на кабыле?

— Ану яго, — сказаў Братчык. — Нешта мне тут так, нібы гэта я камар у баршчы. Ва ўсіх на вачах, усе глядзяць… І думкі нейкія дурацкія. Учора голы жабрак. А сёння «дзівы» гэтыя. Горад сыты, горад крычыць. Усе мяне хваляць. І думаеш, як гараджане ўсе: а можа, і сапраўды тут без усялення духа і натхнення Боскага не абышлося.

Лотр засяроджана пакасіўся на яго.

«Пачынаецца, — падумаў ён. — Не паспеў чалавек з гразі вылезці, а ўжо ў багі. Заўсёды, чорт яго пабірай, так».

Твар Юрася казаў толькі, што яму няёмка і кепска. І Лотр зрабіў дыверсію, каб даведацца, як далёка Хрыстос зайшоў думкаю:

— Ну, а скочыў бы адсюль ці не?

— Дудкі. Святога, можа, і вынеслі б анёлы, а я круцель, я шалбер.

Звычайны наіўны твар. Аблічча прайдзісвета, які здабывае хлеб хітрунствам. Лотр прысунуўся да яго.

— Слухай, — голас ягоны асекся. — Слухай, Хрыстос, і забудзь, што ты махляр. Ты вялікі, ты мудры, ты Бог. Да таго часу, пакуль мы ўзносім цябе. Ты нам патрэбен такі. Але і ты нас трымайся. Бачыш — горад ля ног. Вялікі, багаты, прыгожы. А за ім уся Белая Русь, усё каралеўства, уся зямля. Калі будзеш трымацца… нас, калі скажаш, што без… нас плача прастол святога Пятра — азалоцім. Усё дамо табе. Пакланенне… царствы… багацце.

І асекся, убачыўшы на гэтым дзіўным, беспардонным твары агіду.

— Я ж казаў, што не хачу быць святым. Я задаволены быў, што я валацуга… Я сёння бойку бачыў… Лепей адпусціце вы мяне. Не хачу я ў Рым. І табе не раю. У Рым я пайшоў бы толькі, каб убачыць аднаго чалавека.

— Што за чалавек?

— Ён не мае ўлады. Але ён ведае больш за ўсіх на зямлі, хаця дае людзям толькі частку сваіх ведаў. Не разумеюць. Не зразумееш і ты. Ён рана прыйшоў. Ён цяпер, мабыць, стары. Я абавязкова хацеў бы ўбачыць яго. Але ў Рым, у гэты горад нечасціўцаў, я пайшоў бы толькі звычайным валацугам-шкаляром. Калі тут такое, што ж тады ў Рыме?

— Хочаш, я даведаюся аб гэтым чалавеку? — ласкава і прывабліва сказаў Лотр. — Што робіць гэты твой «знаўца»?

Ён зразумеў, што золатам з гэтым бадзягам не зробіш нічога і трэба шукаць іншыя шляхі.

— Адкуль? Дзе? — іранічна спытаў Хрыстос.

— Я не ведаю, але тут ёсць чалавек, які ведае ўсё. Што робіць гэты твой «знаўца»?

— Малюе, займаецца анатоміяй.

— Так я і ведаў, што нейкая брыда накшталт трыбушэння мёртвых.

— Ды гэтага не трэба… Досыць, што «ведае больш за ўсіх».

— Вартавы! — гукнуў Лотр. — Слухай, вартавы. Схадзі ў новы дом на Старым рынку і спытай там аб «чалавеку, які ведае больш за ўсіх і жыве ў Рыме», хаця гэтае «больш за ўсіх» моцна аддае ерассю, таму што больш за ўсіх ведае, вядома, папа, а ён, колькі я магу меркаваць, мерцвякоў не рэжа і няздатны намаляваць нават дулі.

— Каго спытаць?

— Спытай Бекеша.

Вартавы пайшоў. Сябры стаялі трохі нібы аглушаныя. У Крыштофіча лягла ад пераносся на лоб рэзкая зморшчына. Бекеш не верыў сваім вушам:

— Нашто гэтаму махляру спатрэбіўся вялікі майстра?

— Не ведаю, — глыбокім голасам сказаў «пожаг». — Але нешта ва ўсім гэтым ёсць. Пасобнік гэтай навалачы, бадзяга, ведае пра чалавека, што «ведае больш за ўсіх».

— Нешта ёсць, — сказаў Кляонік. — А можа, мы не дарэмна адбівалі яго? Буду глядзець… Буду вельмі пільна прыглядацца да яго.

— Чаму? — спытаў Бекеш.

— Мне цікава.

— Гэтага досыць, — сказаў Бекеш. — Але ён ведаў, што гэты чалавек мог спускацца на дно, але не адкрыў гэтага людзям, бо яны ператварылі б гэта ў зло. Адкуль ён ведаў, што гэты чалавек завяшчаў людзям лётаць, а ў яго ўменні жывапісаць было нешта боскае?

— А можа, мы мелі рацыю, калі гаварылі пра край за морам, дзе людзі ўжо ўмеюць лётаць? — спытаў Крыштофіч.

У гэты момант крык за вокнамі перарос у лямант і ў трубы архангельскія. Здавалася, вось-вось расколецца сама зямля.

На гульбішчы з'явіўся чалавек у хітоне і стаў падымацца на вежу.

— Божа! Божа! Божа! Ратуй нас!

— Адпусці нам грахі нашы!

— Ад кіпцяў д'яблавых, ад пекла ратуй ты!

— Божа! Божа!

Чалавек стаяў на вежы, і сонца гарэла за ягонай спіной. Сляпіла вочы людзям, што цягнулі да яго рукі.

На Кашпаравых вуснах з'явілася саркастычная ўхмылка. Юнак паказаў падбароддзем на вежу.

— Гэты? Адтуль? Ну ўжо не. Хутчэй я сам адтуль. А гэтае кажановае адроддзе, калі і пытала пра майстра, то напэўна, каб паспрабаваць… а можа, і ягоныя механізмы могуць памагчы яму ў круцельствах. Абакрасці, а тады, магчыма, і самога святой службе выдаць.

Крыштофіч пахмурна буркнуў:

— Святая служба ўжо не страшная вялікаму майстру… Вялікі майстра памёр…

Хрыста не трымалі ногі. Ён сеў на каменны прыступак проста перад Лотрам і вартавым.

— Памёр? — разгублена спытаў ён. — І зусім нядаўна?

— Памёр, — паўтарыў вартавы. — Яны кажуць: «Вымушаны быў кінуць радзіму і памёр на зямлі найхрысціяннейшага, святому падобнага, дбайніка аб веры, кроля Францішака французскага».

— Памёр, — нібы сцвердзіў шкаляр. — А як жа я?

— Што як жа вы? — сурова спытаў Лотр.

— Ну вось… адзіны чалавек, дзеля каторага мне трэ было ехаць у Рым. І як цяжка, пэўна, было яму паміраць… Адзін. Такі высокі розумам, што з усімі яму было сумна.

Ён глядзеў нібы праз субяседнікаў, праз горад, праз увесь свет, і вочы ягоныя былі такія адсутныя, такія «д'ябальскія», як падумаў Лотр, такія нечалавеча самотныя, што двум другім стала страшна.

— Куды ты глядзіш? — спытаў Лотр. — Дзе ты? Што бачыш?

Той маўчаў. Толькі праз некалькі хвілін прытомнасць нібы стала вяртацца ў гэтыя вочы разам з ледзяным холадам і ледзяною самотай.

— Нікуды, — саркастычна адказаў ён. — Нідзе. Нічога.

На твар ягоны зноў нібы лягла круцельская злая маска:

— А нічога… Заставацца… Хіба я не такі, як усе, каб чакаць яшчэ і лепшага? Каб спадзявацца? Такі… І нічога не патрэбна было… І куды я цягнуўся, шукаючы ісціну?… І чаму патрэбная яна была?

— Ён беснаваты, — шапянуў вартавы.

— Маеш рацыю, — ціха сказаў Лотр.

Шкаляр пачуў:

— Не, я не беснаваты. Я такі, як усе. І так буду жыць. Патроху цягнуць час. І памру, як ён, не дачакаўшыся. З цяжарам непатрэбных ведаў, па неабходнасці навучаны хлусні. Інтрыгам. Воўк сярод ваўкоў.

— Пане Божа, — схіліўся Лотр, — плюньце вы на гэтыя думкі. Народ ужо ледзь не цэлую варту гарлае і кліча. Пакажыцеся яму. Ён прагне вас бачыць.